Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 1 человек

Урокі пазакласнага чытання па беларускай літаратуры

Дата: 23 марта 2021 в 20:23, Обновлено 23 марта 2021 в 20:33
1 007 просмотров

Янка Брыль "Жыў-быў вожык"
Мікола Янчанка "Бярозка"
А Ставер "Матылёк"

Жыў-быў вожык
Янка Брыль

Пачынаецца казачка так.

Жыў-быў вожык у лесе, а потым узяў ды памёр...

Ды не той, пра якога хачу расказаць, а другі, зусім іншы — вялікі, стары.

А нашага Тупалу тата злавіў у лесе і прынёс у кішэні дахаты. I гэта не казка, а праўда.

Я быў тады яшчэ такі малы, што нават не хадзіў у школу.

Тупала быў таксама малы, круглы, як шэры клубок, і калючы.

Тата вярнуўся з лесу і сказаў:

— Ну, Лёнік, я прынёс табе яблыка.

Ад радасці я забыўся, што яшчэ вясна, што яблыкаў яшчэ няма, і ўсадзіў руку ў татаву кішэню.

— Ай! — ускрыкнуў я, укалоўшы аб нешта пальцы.

I хацеў ужо нават заплакаць, але тата мой засмяяўся.

— Дзівак-чалавек, укалоў ды злуецца! — сказаў ён.— Ды гэта ж лепей за яблыка, ты паглядзі!

I ён выняў з кішэні маленькі калючы клубок.

Спачатку вожык наш ніяк не называўся. Ён нават разгортвацца не хацеў: як палажылі яго ў кутку, пад маім ложкам, так і ляжаў. Не на голай падлозе, а на імху. Тата сцягнуў граблямі са страхі старога хлява тры купіны моху, паслаў у кутку — і выйшла пасцель.

Мох зялёны, пушысты і цёплы. А шэры клубочак ляжыць на ім і ніяк не хоча разгортвацца. Я наліў яму ў сподак малака і паставіў каля самага моху. А вожыку хоць бы што...

Тады я лёг побач з ім на падлозе і хацеў ляжаць, пакуль ён не разгорнецца.

На дварэ змяркалася, і пад ложкам рабілася цёмна.

— Дурненькі ты, — сказала мама. — Ты яго толькі не чапай, ён і сам малако тваё знойдзе.

I праўда, толькі я лёг у ложак і ў хаце зрабілася ціха, як у куточку пад ложкам нешта ціхенька заварушылася і пачало вось гэтак чмыхаць:

«Ту-ту-ту-пых! Ту-ту-ту-пых!..»

 А потым па дошках падлогі затупацелі маленькія мяккія ножкі.

— А што, не гаварыла я, — сказала мама. — Не палохайце яго, дык ён і малако пачне хлябтаць.

I праўда, мы памаўчалі, і неўзабаве пачулася, што нехта маленькі хлебча. Не так, як кот, а так, як парасяты, — плямкае.

— Ой, тата, я пагляджу!

Тата даў мне запалкі. Я ціхенька злез на падлогу, укленчыў, нагнуўся пад ложак і выняў з карабка запалку. Але як толькі яна чмыхнула і засвяціла, каля сподка я ўбачыў той самы калючы клубочак.

Ды ён ужо ляжаў не на імху, а на голай падлозе, і малака ў сподачку было менш, як раней...

Клубок тупацеў усю ноч, і за гэта мы пачалі называць яго Тупалам. А за тое, што ён хутка перастаў баяцца і не згортваўся больш, калі я пазіраў на яго, я ніколі не забываўся даваць яму есці.

Спачатку даваў толькі малако, а потым аднойчы разбіў яму на сподак яйцо. Тупала лішне не казырыўся, — панюхаў трохі і пачаў хлябтаць.

З нашым цюцікам Мурзам ён не хацеў сябраваць. Як толькі ўбачыць яго — у клубочак, і ўсё. Шчанюк спачатку хацеў панюхаць вожыка: дакрануўся носам да шэрых іголак, заматаў галавой і фыркнуў — не спадабалася. Тады ён прысеў, абняў клубочак лапамі і паспрабаваў яго ўкусіць. Але зноў укалоўся, ды гэтак балюча, што зазлаваў і пачаў уядацца, брахаць. Скакаў, скакаў вакол клубка, а потым яшчэ раз асмеліўся дакрануцца. Ударыў клубочак лапай, як кот па мячыку, заскуголіў, адбегся і лёг.

«Добрыя гулі, — хацеў ён сказаць, — я забаўляцца з табой хачу, а ты — нягодны, колешся».

Ды ён не сказаў гэтага, а толькі лізаў сваю лапу і скардзіўся, хныкаў.

Вусаты Фядот любіў грэцца на сонцы, калі яно свеціць у хату. Сядзе на падлозе, зажмурыцца і мурлыча. На Тупалу ён і глядзець не хацеў, не толькі што з ім гуляць. I нават калі клубочак разгарнуўся аднойчы, сам падышоў да ката і, наставіўшы лычок, панюхаў, наш Фядот толькі лыпнуў спрасонку вачыма, і ўсё. Сядзіць сабе, дрэмле, мурлыкае.

Няма з кім Тупалу пасябраваць.

I стала вожыку сумна.

У кухні нашай жыла квактуха з куранятамі. Спачатку яны былі маленькія, нібы камочкі жоўтага пуху, і ўсё пішчалі, дзёўбалі тварог і мітусіліся па земляной падлозе кухні, як сонечныя зайчыкі. А потым падраслі, квактуха пачала вадзіць іх на двор і толькі начаваць прыводзіла ў кухню. Сядзе пад лавай, затуліць іх крыламі, яны паціўкаюць трохі і спяць.

I вось Тупалу стала зайздросна. Уночы ён ціха залез пад квактуху, прымасціўся пад цёплым крылом і давай ад радасці варушыцца. Кураняты прачнуліся і заціўкалі. Квактуха хацела пашкадаваць іх, мацней прытулілася крыламі і раптам закрычала так моцна і так спалохана, што ўсе мы ў хаце прачнуліся.

Як толькі мама запаліла лямпу, квактуха ўсхапілася, сонныя кураняты з піскам рассыпаліся па кухні, а ў кутку, на тым месцы, дзе яны сядзелі, застаўся шэры калючы клубок. Квактуха пазнала яго, узлавалася і дзюбнула — моцна, балюча.

— Ну, вось, — казала мама, выносячы Тупалу з кухні, — вось ты і зарабіў. Бачыш, чаго табе захацелася, жэўжык!

Каб жэўжыку было весялей, я зняў аднойчы са сцяны люстэрка і паставіў яго на падлозе. А ён ужо тупаў па хаце і ўдзень, не баяўся нікога. Падышоў да люстэрка, наставіў лычок, паглядзеў і надзьмуўся. Каб пастрашыць таго, што ў люстэрку. А той, што ў люстэрку, надзьмуўся таксама, і вось яны абодва разам зрабілі: «Пых!»

 Мы засмяяліся, тата і я, а вожык вельмі здзівіўся. Што такое?.. Паглядзеў, паглядзеў у люстэрка, асцярожненька дакрануўся чмысікам да шкла і як быццам усё зразумеў. Адышоўся і больш не глядзеў у люстэрка.

Тады тата сказаў мне:

— Лявон...

Заўсёды мяне называлі Лёнікам, але як толькі тата хацеў пагаварыць са мной, як з дарослым, ён гаварыў мне Лявон.

— Ведаеш што, Лявон, — сказаў ён тады, — давай выпусцім вожыка, га?

— А навошта? — здзівіўся я.

— Як навошта? Ён пойдзе да іншых вожыкаў.

— Ну і што?

— Як што? Зробіць сабе хатку дый будзе жыць. I яму будзе там вельмі добра і весела, не тое што ў нас. Што ты скажаш, Лявон?

— I панясем яго з табой у лес?

— Навошта ў лес? Пусцім у грады, а ён ужо сам куды захоча, туды і пойдзе.

I мы занеслі Тупалу ў агарод.

...Кажуць, што ў той вечар я выйшаў на вуліцу і там, дзе стаялі мужчыны, сказаў:

— Добры вечар. Хочаце, я вам казку скажу?

— Ну скажы.

I я сказаў:

— Жыў-быў вожык у лесе, а потым узяў ды памёр.

— Што, і ўсё?

— Ну, пэўна ж усё. У казцы. А нашага мы выпусцілі. Во!..

Бярозка
Мікола Янчанка

Мінула больш за трыццаць гадоў, а глыбокі надрэз на ствале бярозы так і застаўся. Як і той чорны дзень у памяці Пятра…

Тады яго звалі Петрыкам. Жыў ён з маці і малодшым брацікам. Бацька быў на фронце. А ў іх вёсцы гаспадарылі ворагі. Толькі, казала маці, нядоўга ім гаспадарыць засталося. Фронт амаль да вёскі дакаціўся. Усё чутней даносіўся гул нашых гармат. Усё часцей з'яўляліся ў небе нашы самалёты.

Немцы паспешліва ўмацоўвалі высокі бераг Друці. Капалі акопы і траншэі, узводзілі загароды з калючага дроту. Закопвалі ў зямлю танкі і машыны, прыкрываючы іх зверху зазелянелым голлем. Не шкадавалі для гэтага ні садоў, ні дрэў на вуліцы.

Сёння і да Петрыкавай хаты дабраліся. Прыйшлі два немцы і пачалі пілаваць бярозу пад акном.

— Не трэба! закрычаў Петрык. Яна прыгожая. І птушаняткі ў шпакоўні хутка выведуцца.

Але немцы не звярнулі на яго ўвагі — пілавалі сабе бярозу.

I Петрык не вытрымаў. Кінуўся да маладзейшага, які здаваўся больш добрым, і схапіў яго за рукаў. Піла змоўкла.

— Авэк! — крыкнуў салдат і адштурхнуў малога. Петрык упаў.

Усяго на некалькі хвілін спынілі немцы работу. Але і гэтага хапіла, каб выратаваць жыццё бярозцы. Бо нечакана над вёскай з'явіліся чырваназорныя самалёты, і гітлераўцы, утуліўшы галовы, кінуліся ў сваю траншэю.

А Петрык падышоў да бярозкі і ў знямозе прысеў на зямлю. Доўга глядзеў, як са свежага надрэзу капаў сок. Потым пачаў упрошваць:

— Не плач! Глядзі, я малы, а не плачу. А ты такая вялікая!

Але бяроза плакала. Яшчэ многа дзён плакала. Пакуль не засох надрэз.

…Мінула больш за трыццаць гадоў. Зялёным фантанам узляцела бяроза над дахам дома. Тонкія косы яе кранаюцца долу. Свежы ветрык расчэсвае іх. А срэбнагалосы шпак цешыць прыгажуню цудоўнымі песнямі.

Любіць яе і Пятро. Прыехаўшы да маці, ён заўсёды падоўгу любуецца дрэвам.

Матылёк
Алесь Ставер

Пагодлівым ранкам

Аднекуль здалёк

На двор гарадскі

Заляцеў матылёк.

Над траўкай пырхае,

Крыльцамі трымціць,

За ім у здзіўленні

Дзяніска бяжыць,

Малы матылёчак,

А спрытны які!

Дзяніска нагнецца,

А ён — з-пад рукі.

I зноўку пырхае,

Крыльцамі трымціць.

Расставіўшы ручкі,

Дзяніска бяжыць.

I хочацца хлопчыку

Ведаць, чаму

Малы летунок

Не даецца яму.

Ён так яго крыльцы

Пагладзіць хацеў —

Чаму ж матылёк

Ад яго паляцеў?

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.