Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 1 человек

Урокi пазакласнага чытання

Дата: 1 марта 2021 в 11:30, Обновлено 1 марта 2021 в 20:00
1 441 просмотр

Выпадак з марожаным

Марыя Лук

Воўка сядзіць на лаўцы. Марожанае есць. Асцярожна есць. Баіцца закапаць новыя шорты.

Адкуль ні вазьміся — Жэнька. Падышоў і стаіць. На Воўкава марожанае глядзіць. Пастаяў, паглядзеў і пытае:

— Ты чаму так ліжаш?

— Як «так»?

— А памалу вельмі. Паглядзі, як трэба!

Высунуў Жэнька язык ды як лізне Воўкава марожанае! Хвацка лізнуў.

Глядзіць Воўка на шырокі след ад Жэнькавага языка і не ведае, што рабіць. Воўку марожанага не шкада. Ён падзяліўся б з сябрам. Але марожанае — не цукерка, не булка, папалам не разломіш. А лізаць па чарзе непрыемна.

Жэнька ўсміхаецца.

— Аддаць табе? — пытае Воўка.

— Ага, — згадзіўся Жэнька аблізнуўшыся.

Аддаў Воўка марожанае. Жэнька на лаўку ўсеўся. Есць, задаволены. Сёння ўжо трэці раз марожаным ласуецца. Раніцай мама купіла, потым бабуля, а цяпер вось Воўка сваё аддаў.

Але дзе ж Воўка? Пайшоў. Напэўна, пашкадаваў усё-такі, што марожанае аддаў. Бач, які скнара!

Самы смачны яблык

Таццяна Мушынская

Алёша — хлопчык паслухмяны, разумны. Вершаў шмат на памяць ведае. Кепска толькі, што не любіць ён сваімі цацкамі дзяліцца. Таму часцей гуляе адзін.

Мама гаворыць яму:

— Сынок, ты ж дай дзеткам са сваімі машынкамі пагуляць! I яны табе дадуць якую-небудзь цацку…

Алёша моўчкі слухае і думае: «Добра маці так казаць! А як прападзе нешта, дык бацькі першыя ж ушчуваць пачнуць! Маўляў, ён свае цацкі не беражэ. Вунь, даў неяк Сярожу свой зялёны бронетранспарцёр пагуляць. А той умомант адламаў антэну і два колы. Потым я яшчэ і вінаваты застаўся…

Дый гэтыя дарослыя… Часам не разумееш, што ім трэба і чаго яны ад цябе хочуць. Бацькі ў яго раней часта пыталіся: «Чаму ты не запросіш каго-небудзь з дзяцей у госці?» Ну і што?.. Запрасіў пазаўчора Віталіка. Зразумела, цікава было. Ён госцю і свае машынкі паказаў, і ў даміно яны пагулялі, і ў більярд. Але бацька застаўся незадаволены, што яны па ўсёй кватэры бегалі, у хованкі гулялі. Казаў, перашкаджалі працаваць. А мама, калі Віталік пайшоў, усё мокрай анучай падлогу выцірала. Яна чысціню любіць, а тут, маўляў, гразі нанеслі…

Сёння мама вывела на вуліцу новы Алёшаў веласіпед. Не тэхніка, а сапраўдны цуд! Мама, як заўсёды, сказала:

— Не забудзь дзецям даць пакатацца.

Не паспеў Алёша аб'ехаць двор, як да яго падышоў Антон з суседняга дома. Папрасіў пакатацца. Абяцаў нават, калі яму купяць самакат, даць і Алёшу пакатацца.

«Добра, — падумаў хлопчык. — Няхай катаецца! Веласіпед надзейны. Гэта не цацка! Яго хуценька не паламаеш».

— Толькі далёка не ад'язджай, — на ўсялякі выпадак папярэдзіў ён Антона.

— Добра-добра, — запэўніў той, узрадаваны, што, нарэшце, трымае ў руках руль.

Праз якую хвіліну Антон знік за дрэвамі. Алёша застаўся чакаць. Але прайшло хвілін пяць, дзесяць, паўгадзіны. Але Антона ўсё не было. Куды ж ён падзеўся? Што скажуць бацькі?..

Пачало цямнець. Пахмурны прыйшоў Алёша дамоў.

— А дзе ж твой веласіпед? — здзівілася мама.

— Антону даў пакатацца! А цяпер ні Антона няма, ні веласіпеда! — з адчаем вымавіў Алёша.

— Можа, з ім што здарылася? — занепакоілася маці.

Нечакана ў дзверы пазванілі. На парозе стаяў Антон з веласіпедам, а побач — цётка Наташа, яго маці. Адразу было відаць — яна вельмі ўсхваляваная.

— Прабачце, Антон не мог адразу веласіпед аддаць. Ведаеце, што ў нас здарылася?.. Наша маленькая Юлечка нагу падвярнула. А тут, на шчасце, — Антон на веласіпедзе… Пасадзіў Юлю на сядло і — да ўрача.

Праз колькі хвілін, выціраючы слёзы, цётка Наташа дадала:

— Алёша нас літаральна выратаваў! Малайчына! Я заўсёды яго Антону ў прыклад стаўлю. Не ведаю, як вам і аддзячыць… Вось хоць яблыкаў вазьміце…

Яна выняла з торбачкі і працягнула Алёшавай маці цэлафанавы мяшэчак з вялізнымі жоўтымі яблыкамі. Алёша ўзяў самы вялікі, з хрумстаннем адкусіў яго. I яблык падаўся яму надзіва смачным…

Хто вінаваты?

А. Жук

Хлопчык ніяк не мог зразумець, чаго ад яго хочуць.

Што ён, урэшце, такое зрабіў? Вазу крыштальную разбіў? Ці новую мэблю цвіком падрапаў?.. Падумаеш, у абед скарыначкай хлеба запусціў у Рубіка — сабачку, якога падарыў яму тата. Ды і зрабіў гэта не са злосці. А так, каб не сумна абедаць. Рубік збег з пакоя ў кухню, а ён — раз! — і кінуў. Вось і ўсё. I болей нічога. Толькі дзядуля з бабуляй чамусьці адразу перасталі есці, а потым дзядуля ціха сказаў:

— Прасі прабачэння... Хлопчык   незадаволена   надзьмуўся, але вылез з-за стала, падышоў да дзядулі з бабуляй і, гледзячы ў падлогу, прамармытаў:

— Даруйце... Я болей не буду... Не-не, — паспяшаўся спыніць хлопчыка дзядуля. — Не ў нас, а ў яго прасі прабачэння...

Хлопчык падышоў да Рубіка, які зашыўся ў кут кала дзвярэй і вінаватымі вачыма сачыў за ўсім, што адбывалася на кухні.

— Даруй мне, Рубік... Я болей не буду...

Але дзядуля зноў яго перапыніў:

— Не-не... Ты і зараз, мусіць не зразумеў. У хлеба прасі прабачэння... У хлеба...

I вось гэтага хлопчык ніяк не мог зразумець. Можа, ён недачуў? Ці, можа, дзядуля агаварыўся?

А дзядуля быццам здагадаўся пра яго думкі, яшчэ раз пацвердзіў свае словы:

— Так-так, у хлеба... Падымі і прасі прабачэння...

Як можна прасіць прабачэння у хлеба? Ён жа — нежывы! Не дыхае і не размаўляе. Не смяецца і не плача... Гэта ў людзей можна прасіць прабачэння. Ну, няхай нават у жывёл, у птушак — яны таксама жывая. А ў хлеба?.. Ён кожны дзень бачыць, як кідаюць хлеб у скрынкі для смецця, проста на зямлю, у гразь... I ніхто не просіць прабачэння. А калі так робяць, значыць, хлеб дробязь. Усё адно як той камень ці пясок... Адным словам — мёртвая рэч! А тут прасі прабачэння...

Хлопчык падняў скарыначку і заплакаў: ён не ведаў, за што павінен прасіць прабачэння ў хлеба.

А хто вінаваты?

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.